
Приглашаем посетить сайт музейной экспозиции "Беларуская хатка"
У 2006/2007 навучальным годзе наша школа адзначала сваё стагоддзе. Да гэтай даты мы прымеркавалі адкрыццё школьнага музея “Беларуская хатка”. Аўтары ідэі музея і яго стваральнікі – настаўнікі школы Макаранка Г.М., Лягчылаў С.К. і Брылеўскі Л.Ф. Стваральнікі музея сцвярджаюць, што задача сапраўднага настаўніка – выхаванне сапраўдных патрыётаў сваёй радзімы, якія будуць любіць свой народ і сваю культуру, а значыць, краіну і дзяржаву. А як можна любіць, калі не ведаеш?! Перш чым любіць, трэба ж ведаць... Вось дзеля гэтага – дзеля таго, каб уведалі ды палюбілі, – па вялікім рахунку і задуманы наш музей.
У музеі ўзноўлены інтэр’ер традыцыйнай сялянскай хаты і выстаўлены разнастайныя прадметы, якія даюць уяўленне пра гаспадарча-побытавую і працоўную дзейнасць нашых продкаў: печ, якая займала галоўнае месца ў кожнай хаце, саламяны павучок, які забірае з хаты адмоўную энергію, абрусы, ручнікі – усё самае галоўнае, чым было напоўнена жыццё традыцыйнай беларускай сям’і. Самі сцены, столь, падлога, якія пахнуць дрэвам, прымушаюць акунуцца ў свет жыцця нашых продкаў.
У музеі больш за 300 экспанатаў. Дапамагалі ўсе: і настаўнікі, і бацькі, і тэхнічны персанал, і вучні. Але самы большы ўклад у экспазіцыю музея ўнеслі яго аўтары-стваральнікі. Сялянская гаспадарка была, у асноўным, натуральнай, гэта значыць кожная сям’я забяспечвала сябе сама і ежай, і адзеннем, і абуткам. Таму ў кожнага селяніна, у кожнай хаце павінна было быць усё для самастойнага жыцця: кавалак зямлі, жывёла, прылады працы і, нарэшце, сама драўляная хаціна з прыбудовамі. Вось у нашай хатцы і знаходзіцца ўсё тое, што выкарыстоўвалі нашы продкі для свайго жыцця.
Асноўная маса экспанатаў нашага музея – гэта натуральныя прадметы, якімі карысталіся сяляне. Яны сабраны з розных мясцін Беларусі. У музей можна будзе не толькі прыйсці і паглядзець, тут можна будзе правесці ўрокі беларускай літаратуры, творчыя сустрэчы, музычныя гасцёўні, фальклорныя святы. Тут могуць выступаць аркестр і ансамблі народных музычных інструментаў – наша школа якраз з музычным ухілам. Многа можа родная зямля! Можа накарміць цябе цёплым і смачным хлебам, напаіць крынічнай вадой, зачараваць прыгажосцю сваёй прыроды. Таму любіць і шанаваць родную зямлю – доўг тых, хто жыве на ёй, есць яе хлеб, п’е яе ваду, любуецца яе хараством.
Усвядомленая любоў да Радзімы ў кожнага чалавека ўзнікае, напэўна, у свой час. Адно не выклікае сумнення: з першым глытком мацярынскага малака пачынае абуджацца любоў да Айчыны. Спачатку гэта адбываецца падобна да таго, як расліна цягнецца да сонца, а дзіця – да маці і бацькі. Падрастаючы, яно пачынае адчуваць прыхільнасць да сяброў, да роднай вуліцы, сяла, горада. І толькі сталеючы, набіраючыся вопыту і ведаў, чалавек паступова ўсведамляе найвялікшую ісціну: што ён належыць маці-Айчыне, адказвае за яе. Так нараджаецца грамадзянін-патрыёт!